
Кліф Уілсан (Cliff Wilson) нарадзіўся 10 траўня 1934 года ў мястэчку Трэдгар, Уэльс. Адсюль паходзіў і знакаміты ў будучым яго сябра і канкурэнт – шасьціразовы чэмпіён сьвету Рэй Рэярдон. З цягам часу іх матчы заўжды зьбіралі шмат гледачоў, але Рэй звычайна вырываўся наперад.
Кліф Уілсан знакаміты тым, што быў адным з самых хуткіх гульцоў снукера з моцным характарам, нягледзячы на сур’ёзныя праблемы са зрокам. Самым хуткім, пакуль на снукернай сцэне не зьявіўся Алекс Хігінс, але гэта ўжо іншая гісторыя. Уілсан унікальны і тым, што яго кар’ера, быццам, была падзелена на дзьве часткі з прамежкам у 15 год.
У 17 год Кліф Уілсан заняў другое месца за Рэксам Уільямсам, на чэмпіянаце National Under-19, аднак выйграваў гэты турнір два наступныя гады (у 1952 і 1953 гадах). Яго хуткі стыль забіваньня шароў і дасьціпнасьць зрабілі яго любімым гульцом натоўпу, яго выступленьняў у Лёндане нецярпліва чакалі. Пасля таго, як Рэярдон зьехаў у Стоўк, Кліф здолеў выйграць Welsh Amateur ў 1956 годзе, але ў той час папулярнасьць снукера была вельмі нізкай. Сусветны чэмпіянат быў прыпынены і для Уілсана не было ніякай будучыні ў якасьці прафэсыянала. Кліф расчараваўся ў гульні. Пасля яшчэ некалькіх матчаў ён цалкам адмовіўся ад снукера і сканцэнтраваўся на працы на сталеплавільным заводзе. У гневе ён спецыяльна не зьбіраў свой кій на працягу 15 год.
У 1972 годзе яго стары сябра Рэй, які вярнуўся ў Трэдгар, папрасіў аб дапамозе ў рабоце з камандай мясцовай лігі. Снукер паступова пачаў аднаўляць сваю папулярнасьць у сьвеце. Энтузыязм Кліфа вярнуўся. Навык нікуды не згубіўся, але зрок пагоршыўся. Яго левае вока было цяпер фактычна бескарысным. Ён спрабаваў гуляць у павязцы, аднак потым адмовіўся ад яе выкарыстаньня, аддаўшы перавагу акулярам.
Нягледзячы на праблемы са зрокам Кліф Уілсан атрымаў міжнароднае лідэрства і ў 1977 годзе аднавіў тытул Welsh Amateur. Гэта дало яму кваліфікацыю для World Amateur 1978 года на Мальце. Пасля цяжкага чвэрцьфіналу супраць Джо Грачыла, мясцовага фаварыта, над якім ён атрымаў перамогу, нягледзячы на намаганьні натоўпу адцягнуць яго ўвагу ад гульни, Кліф працягнуў змаганьне і ўзяў галоўны тытул турніру, разбіўшы Джо Джонсана ў фінале. Пазней ён атрымоўваў тытул Уэльса ў 1979 годзе, а затым, ва ўзросце 45 гадоў, стаў прафэсіяналам.
У яго першыя чатыры сезоны ў прафэсыянальным снукеры ён кожны раз атрымліваў кваліфікацыю для Crucible, але ніколі не ішоў далей першага кола. У 1981 годзе Уілсан-прафэсыянал дайшоў да фіналу Welsh Professional, дзе пацярпеў няўдачу ў гульні супраць Рэя Рэярдона. Чвэрцьфінал Jameson International ў 1982 годзе дапамог яму дасягнуць 20 месца ў кваліфікацыі да канца сэзона 1982-1983. І ўсё ж такі незахапляльныя вынікі трымалі яго па-за 16-ці лепшых на працягу наступных чатырох сэзонаў. Кліф ніколі ў сваёй кар’еры не дабіраўся далей чвэрцьфіналу ў значных спаборніцтвах.
Буйное прасоўваньне ў эліту Кліф Уілсан зрабіў ў 1988-1989 гадах, але гэта доўжылася толькі на працягу аднаго сэзона. Далей ён пачаў павольна скатвацца ў кваліфікацыі, але ў 1991 годзе атрымаў свой самы вялікі грашовы прыз 16 000 £, калі ўзяў свой адзіны галоўны тытул як прафэсіянал, разбіўшы Эдзі Чарлтана на World Seniors Championship. Цікава, што гэтае спаборніцтва ні разу больш не было праведзена з тых часоў, такім чынам, Уілсан – адзіны яго пераможца.
Акрамя вачэй Кліф Уілсан меў праблемы са спіной, каленам і сэрцам. У выніку ў яго разьвілася хвароба печані і падстраўнікавай залозы, ад якой ён памёр у чэрвені 1994 года. Аднак нягледзячы на свае хваробы, Уілсан умеў атрымоўваць усю асалоду ад жыцьця. Яшчэ за два гады да сваёй сьмерці гэты валійскі гулец у апошні раз нагадаў аб сабе на чэмпіянаце Вялікабрытаніі, выбіўшы з турніру маладога Роні О’Салівана і даўшы бой Стывэну Хэндры.
Нехта скажа, што Кліф Уілсан быў аднаразовым гульцом. Аднак гэта будзе неправамерна. Хто ведае, чаго б дасягнуў Кліф, калі б не выпаў з гульні на такі доўгі тэрмін. Калі б ён быў народжаны праз 20 год, а не ў той час, калі снукер быў непапулярным, то гэта, магчыма, была б іншая гісторыя. Уілсан так добра гуляў з адным здаровым вокам, што было б, калі яго зрок не здрадзіў яму? Шкада, што мы ніколі пра гэта не даведаемся.
Дасягненьні:
Чэмпіён World Seniors – 1991
Другое месца на Welsh Professional Championship – 1981, 1984
Чэмпіён World Amateur – 1978
Чэмпіён Welsh Amateur – 1956, 1977, 1979
Чэмпіён Pontins Autumn Open – 1976
Другое месца на English Amateur Championship – 1954
Чэмпіён National Under-19 – 1952, 1953
Паводле fansnooker.com, en.wikipedia.org, sports.ru
