
Існуе шмат сумненьняў і спрэчак адносна паходжаньня гульні снукер. Аднак асноўнай вэрсіяй зьяўляецца тэорыя, што снукер трапіў да нас з Індыі ў сярэдзіне 70-ых гадоў XIX стагодзьдзя.
Нягледзячы на тое, што снукер зьяўляецца разнавіднасьцю більярднай лузнай гульні, ён нашмат маладзейшы за свайго папярэдніка – більярда. Апошні мае доўгую і ня менш заблытаную гісторыю ўзнікненьня. Пагаворваюць, нават, што яна пачалася яшчэ ў XV стагодзьдзі, а ў запісах Луі XI у Францыі ўзгадваўся прымітыўны більярдны стол.
Як не парадаксальна, але Уільям Шэкспір быў адным з першых, хто ўзгадаў слова «більярд»: «Let’s to billiards. Come, Charmian» (Давайце ў більярд. Пойдзем Шарміян) у сваёй трагедыі «Антоні і Клеапатра» (Antony and Cleopatra: акт 2, сцэна 5). Пазьней більярд неаднаразова ўзгадваўся ў пісьмовых крыніцах.
Найбольшае распаўсюджаньне більярд атрымаў у Велікабрытаніі. Лічыцца, што падобна кракету, більярд быў гульнёй траўнікаў і толькі пазьней перабраўся на сталы арыстакратаў. Першапачаткова шары ўдараліся з дапамогай так званага мазіка, які ўяўляў сабою сплясканую палку, якая была скрыўленай з аднаго боку. І толькі прыкладна ў 1800 годзе мазік быў заменены вядомым нам кіем.
Але вернемся нарэшце да снукеру… Якім чынам ён трапіў у Эўропу з далёкай Індыі? Зьяўленьнем гульні ў Старым Сьвеце мы павінны быць удзячнымі ангельскім вайскоўцам, якія праходзілі службу ў Індыі. У пачатку XIX стагодьдзя більярд стаў вельмі папулярным сярод іх. Салдаты і афіцэры падоўгу гулялі ў свой вольны час. Прыкладна ў гэты час былі створаны новыя вэрсыі більярду – Life Pool і Pyramid Pool.
Пазьней гэтыя гульні былі аб’яднаныя ў адну. Менавіта гэты момант можна лічыць пачаткам зараджэньня снукеру. Аднак свае сучасныя рысы гульня набыла далёка не адразу (ад Life Pool ў новую гульню перайшлі каляровыя шары, ад Pyramid Pool – піраміда чырвоных шароў).
Па матывах billiardsandsnookerarchive.co.uk
