
Нагадаем, што станаўленьне снукера адбывалася шляхам зьліцьця гульняў Life Pool і Pyramid Pool. У першай выкарыстоўвываліся розныя каляровыя шары ў залежнасьці ад колькасьці гульцоў (у кожнага гульца быў пэрсанальны каляровы шар). Шары размяшчаліся на сваіх каляровых адзнаках на стале. Шар наступнага гульца размяшчаўся на адзнаке папярэдняга гульца. Калі адзнака была заблакаваная, «жыцьцё» гублялася, што рэгістравалася на дошцы рахункаў шляхам сьціраньня адной з трох зорак. У «Пірамідзе» выкарыстоўваліся толькі 15 чырвоных шароў. Той, хто першым забіваў у лузы 8 з іх, лічыўся пераможцам.
Аднак не толькі дзьве гэтыя гульні ўздзейнічалі на станаўленьне снукера такім, якім ён дайшоў да нашага часу. Наступнай зьменай было даданьне чорнага шара з яшчэ адной більярднай гульні – Black Pool. У 1875 годзе Нэвіл Фрэнсіс Фіцджэральд Чэмбэрлен, малады падначалены Дэваншырскага палка, які размяшчаўся ў Джублепурэ (Індыя) прапанаваў дадаць больш каляровых шароў. Пасля гэтага гульня атрымала найбольшае падабенства да сучаснага снукера. Першапачаткова было толькі чатыры каляровых шара, а ў 1890 годзе іх стала шэсьць. Менавіта палкоўнік Чэмбэрлен лічыцца заснавальнікам снукера, аднак аб сваіх правах ён заявіў толькі ў 1938 годзе.
Чэмбэрлен і яго таварышы арганізавалі збор ў Оотакамундзе ў «Ooty Club» (паўднёвая Індыя) у канцы 1882 года, дзе зарэгістравалі і апублікавалі прывілы новай гульні.
Дарэчы, цікавае паходжаньне мае не толькі сама гульня, але і яе назва – «снукер». Справа ў тым, што падчас станаўленьня гульні слова «снукер» мела іншае значэньне. У тыя часы брытанскія ваенныя такім чынам называлі курсантаў першага курса (своеасаблівым адпаведнікам беларускай мове з’яўляецца слова «пачатковец»). Аднойчы палкоўнік Чэмбэрлен падчас гульні заўважыў, што яго партнёр па гульні не можа згуляць шар. Яму было неабходна адыграць, закрыты іншымі шарамі, каляровы шар. Палкоўнік назваў свайго апанента снукерам: «Why you’re a regular snooker!». З тых часоў, такое размяшчэньне шароў на стале сталі называць снукерам і само слова «снукер» назаўсёды стала асацыявацца з гульнёй.
Палкі вярталіся дадому ў Англію, снукер хутка распаўсюджваўся па Лёндану: афіцэры, якія вярнуліся дадому, паказвалі сваім таварышам новую англа-індыйскую гульню ў клюбах. Пазьней гульня пачала распаўсюджвацца па абласьцях. У 1885 годзе Індыю наведаў Джон Робертс (малодшы) – брытанскі чэмпіён па бельярду. Ён сустрэўся з палкоўнікам Чэмберденам і вырашыў афіцыйна прывезьці гульню ў Эўропу.
11 сьнежня 1900 года ў офісе Асацыяцыі більярда ў Лёндане гульня снукер была афіцыйна прызнанай, а яе правілы – апублікаванымі.
Паводле allbilliard.net, billiardsandsnookerarchive.co.uk, bilijardai.ru, snookerclubs.com, talksnooker.co.uk, titansports.co.uk
